при Президенте Республики Беларусь
Ректор Академии управления дал интервью газете «Звязда»
Мы павiнны быць адзiнымiiмоцнымi
Пра гістарычны аспект сучаснай выбарчай кампаніі «Звязда» пагутарыла з гісторыкам, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Маратам Жылінскім.
Без надрыву
– Які настрой у вашых студэнтаў?
– Добры. У нас добрыя дзеці. Калі я звяртаюся да іх «дзеці», яны заўсёды ўсміхаюцца, але яны ўсе для нас – дзеці.
– Збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах?
– Ужо ўдзельнічаюць. Мне расказваюць, што яны адэкватна ўспрымаюць сітуацыю. Я прасіў куратараў: размаўляйце са студэнтамі без надрыву, ні ў якім разе не прымушайце, не стаўце ўмоў. Для мяне гэта прынцыпова: удзел у выбарах – грамадзянская пазіцыя кожнага. Сам сказаў дзецям: «Не збіраюся лезці ў душу, але калі мы спасылаемся на заходнія правы і свабоды, то трэба не забываць, што мы самі з’яўляемся носьбітамі грамадзянскіх правоў і свабод. І калі вы жадаеце сябе адчуваць грамадзянамі сваёй краіны, то прыйдзіце на ўчастак і зрабіце выбар. Ніхто вам не стане ўказваць – які».
Папрасіў старшыню ўчастковай выбарчай камісіі правесці экскурсіі для тых, хто прыходзіць галасаваць упершыню: расказаць, хто такія назіральнікі, члены камісіі, якія функцыі ў старшыні, што сабой уяўляе выбарчая сістэма, месца ў ёй прэзідэнцкіх выбараў, як адбываецца тэхналогія падліку галасоў.
– Самі калі збіраецеся галасаваць?
– Пасля інтэрв’ю газеце «Звязда». У нядзелю буду на працоўным месцы. Папрасіў быць і прадстаўнікоў рэктарата, кіраўнікоў падраздзяленняў. У гэтым няма нічога надзвычайнага. Прэзідэнцкія выбары – адказны этап у жыцці любой краіны, мы будзем адсочваць інфармацыю, каб быць гатовымі на яе рэагаваць.
– Такая пільнасць звязаная з тым, што адбылося на Украіне амаль два гады таму?
– У тым ліку. Мы не ўтойваем гэтага, як не скрываем і таго, што клапоцімся пра бяспеку дзяцей, якія навучаюцца ў акадэміі. Таму лічу, што мне, як кіраўніку прэзідэнцкай навучальнай установы, ляжаць на канапе ў дзень, калі краіна выбірае чалавека, які вызначыць будучыню дзяржавы на наступныя пяць гадоў, будзе неабачліва.
Упэўнены, што 11 кастрычніка ўсё пройдзе спакойна, але нельга цалкам выключыць спробы пэўных дэструктыўных сіл выкарыстаць сітуацыю, таму мы проста павінны быць гатовыя.
Не рэвалюцыя
– У чым прынцыповая розніца паміж Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 года і падзеямі ва Украіне ў лютым 2014-га?
– Тое, што адбылося ва Украіне, увогуле рэвалюцыяй назваць нельга. У 1917-м на тэрыторыі Расійскай імперыі склалася рэвалюцыйная сітуацыя: адбываліся не проста пратэсты нейкай групы людзей, але хваляванні народных мас, і рэвалюцыя стала апагеем гэтага хвалявання, калі нізы ўжо не жадалі жыць па-ранейшаму, а вярхі не маглі. Хваляваннямі былі ахоплены не толькі буйныя гарады: Масква, Пецярбург, Кіеў, Мінск, але ўся краіна.
Ва Украіне ў пачатку 2014 года бурліў толькі Кіеў, а ўся астатняя краіна маўкліва чакала, што будзе. Падзеі на майдане прывялі да таго, што адна група алігархаў змянілася іншай групай алігархаў, разам з тым адбылося падзенне пенсій і заробкаў, разбурэнне інфраструктуры. Рэвалюцыя – гэта змена існуючага ладу, ломка дзяржаўнага апарату. Ва Украіне такога няма. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі была абвешчана нацыяналізацыя – у нашых суседзяў тое, што за 20 гадоў не было падзелена, цяпер дзеліцца. На фоне агульнанароднага збяднення некаторыя бізнес-структуры там квітнеюць.
Па сутнасці, там адбыўся экспарт гвалту. Нездарма апошнім часам наш Прэзідэнт кажа пра тое, што мы сведкі падзелу свету. Ёсць тыя, хто хоча, каб ААН працавала па пэўных лякалах. Нагадаем, што Ялцінска-Патсдамская сістэма мірных дамоўленасцяў паміж Рузвельтам (пазней Трумэнам) – Сталіным – Чэрчылем была заснавана на тым, што моцныя гэтага свету з’яўляюцца гарантамі стабільнасці на зямным шары. У савецкі час былі праблемы, але сёння колькасць ваенных канфліктаў значна большая. Наш свет стаў больш дэмакратычным?
Зневажанне Ялцінска-Патсдамскай сістэмы адбылося ў 1999 годзе, калі дэмакратычны свет праігнараваў пасляваенныя дамоўленасці і разбамбіў Югаславію. Як гісторык хачу сказаць, што ўсе сусветныя войны пачыналіся з Балкан. І што ў выніку ўяўляе сабой Сербія, Чарнагорыя, Славенія, Македонія?.. Не выратоўваюць іх ні Еўрасаюз, ні Амерыка.
Ва Украіне адбылася трагедыя, якая стала працягам ланцужка падобных трагедый у шэрагу краін, так званага прыходу туды «дэмакратыі», ад якой людзі бягуць. У Афганістане адбываецца штодня па 20-30 тэрактаў – больш, чым пры талібах. Лівія, Ірак, Сірыя… Усюды насаджаецца свая ідэалогія, парадкі.
Але калі тры гады таму мы думалі, што ўсё гэта робіцца недзе далёка, то цяпер гэтая бяда падышла да нашага парога. А Беларусь у XX стагоддзі перажыла страшныя трагедыі Першай і Другой сусветных войн, наступствы чарнобыльскай катастрофы. Мы настолькі стаміліся ад гэтага, што ўпэўнены – не, нічога падобнага больш на гэтай зямлі паўтарыцца не можа. Але гэта не значыць, што мы не павінны быць гатовымі да выклікаў. Порах трэба трымаць сухім.
Роля лідара
– Якая сістэма ўлады больш эфектыўна, на вашу думку, супрацьстаіць выклікам XXІ стагоддзя?
– Мы, беларусы, маем багатую гісторыка-культурную спадчыну. Мы з’яўляемся носьбітамі старажытнага дзяржаўнага кіравання з пункту гледжання выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады. У нас ужо ў VІІІ стагоддзі былі формы дзяржаўнай улады, якія насілі пачатак заканадаўчай галіны: веча. Вечавое кіраванне было ў Полацку, Мінску… Веча – гэта сход дарослых жыхароў горада, на якім вырашаліся самыя важныя пытанні ладу горада і дзяржавы. Князь быў гарантам бяспекі і прадстаўніком выканаўчай і судовай улады, і калі на горад нападалі ворагі, то ў дзеянне ўступала моцная ўлада ў асобе князя і яго дружыны. Так было ў Ноўгарадзе, Пскове, так было ва ўсходніх славян. Як толькі ўсталёўваўся мір, веча зноў уступала ў свае правы: заключаліся гандлёвыя і дынастыйныя саюзы, вяліся перамовы. Такім чынам, нашай старажытнай дзяржаўнасці не 200-300 гадоў, а значна больш. Нашы каштоўнасці непараўнальна больш старажытныя, чым тыя, якія нам спрабуюць навязаць. Гэта мы можам павучыць іншых.
З пункту гледжання геастратэгічнага становішча мы знаходзіліся і знаходзімся ў цэнтры Еўропы і заўсёды былі ў сферы ўвагі як Захаду, так і Усходу. Мы апрыёры рабіліся аб’ектамі агрэсіўных дзеянняў іншых дзяржаў, але ні разу самі беларусы не былі суб’ектамі, ініцыятарамі агрэсіі. Да таго ж, мы дагэтуль не аднавілі дэмаграфічных страт XX стагоддзя: да Вялікай Айчыннай вайны нас было больш за 10 мільёнаў. Усё гэта сёння адлюстроўваецца і ў нашых генах.
Таму, лічу, нам сёння патрэбна моцная ўлада. Як выканаўчая, заканадаўчая, так і судовая. У спалучэнні гэтых трох моцных улад мы здольныя вытрымаць любыя выклікі і развівацца далей. І, на маю думку, моцная і паважаная ўлада можа быць толькі праз моцнага і аўтарытэтнага лідара. Наша сучасная, сапраўдная дзяржаўнасць, якой мы налічваем амаль 25 гадоў, тым не менш, мае тысячагадовыя карані. Мы спадчыннікі сур’ёзнага працэсу кансалідацыі беларускай нацыі, у тым ліку дзяржаўнасці.
Мы гатовы вучыцца лепшаму, але не трэба спяшацца. Паглядзіце, што атрымалася ў нашых суседзяў, дзе не было еднасці трох дзяржаўных галін – карупцыя, перадзел капіталу, разрабаванне народнага набытку. Улада, якая пайшла на змову з дэструктыўным капіталам, нічога не дала народу. Гэта перажывае Украіна, ад гэтага апошнім часам пазбаўляецца Расія і, як вынік, набірае сілу. І чым больш моцнай яна становіцца, тым больш яе крытыкуюць. На маю думку, свет, адыходзячы ад аднапалярнасці, вяртаецца да той схемы, якая стваралася ў 1945 годзе.
Не паддавацца на правакацыі
– Калі вярнуцца да выбараў лідара, як, на ваш погляд, праходзіць цяперашняя выбарчая кампанія ў нашай краіне?
– Кампанія праходзіць спакойна, і гэта нармальна. Ніхто не адчувае ніякага ціску. Што тычыцца датэрміновага галасавання, то гэта агульнаеўрапейская практыка. У Швецыі галасуюць за месяц. У многіх краінах практыкуецца галасаванне па пошце, па тэлефоне.
Палітычная барацьба ёсць, палітычныя канкурэнты выстройваюць свае тактыку і стратэгію, выкарыстоўваюць піяр-тэхналогіі, новыя метады, пікеты, лістоўкі, заклікі, імкнуцца паказаць свае перавагі.
У нядзелю 11 кастрычніка, безумоўна, таксама палітычны напал будзе, бо ўсе будуць чакаць вынікаў выбараў. Гэта падобна на тое, як бацькі чакаюць з’яўлення на свет дзіцяці. Людзі хвалююцца, але трэба ўзяць сябе ў рукі і быць мужнымі. Тады ўсё будзе, як кажуць беларусы, добра.
– Ці не варта нам пераходзіць да больш сучасных формаў галасавання – праз інтэрнэт, скажам?
– Мы жывём у глабальным свеце і рана або позна да гэтага прыйдзем. Але ўсяму свой час. Старажытныя Грэцыя і Рым праіснавалі больш за 1000 гадоў і доўгі час галасавалі рознымі формамі: ад «хто гучней крыкне» да чорных і белых каменьчыкаў. А мы дагэтуль вывучаем грэчаскае і рымскае права.
Беларусь – адкрытая краіна, таму ўсе на першы погляд перадавыя рэчы трэба вывучаць, вызначаць іх адмоўныя моманты, мінімізаваць апошнія і выпрацоўваць механізмы выкарыстання самага лепшага. Нельга прымаць усё агулам, не ўзважыўшы «за» і «супраць».
Наша выбарчая сістэма большасці, на мой погляд, аптымальная. Але я не навязваю сваю думку. Галоўнае – жыць з упэўненасцю ў заўтрашнім дні і берагчы тое добрае, што маем.
Мой дзед быў начальнікам шахты ў Данбасе, і падлеткам я ездзіў на летніх канікулах у Аўдзееўку і Макееўку… Дзед не дажыў да падзей 2014 года, але тыя мясціны вельмі мне блізкія. І я, калі бяру сваіх сына і дачку за рукі і іду з імі гуляць па мінскіх вуліцах, міжволі думаю пра тое, што адбываецца на вуліцах майго дзяцінства, што людзі там бачылі смерць ад кулі або ад асколка снарада, яны адседжваліся ў сырых падвалах і не ведалі, чым накарміць сваіх дзяцей… Гэта не дробязі. Каб такога не здарылася ў Беларусі, мы павінны быць адзінымі і моцнымі.
Вольга Мядзведзева
Фота Надзеi Бужан
Читайте
также

