при Президенте Республики Беларусь
«Віват, Акадэмія!»: першакурснікі адзначылі Дзень ведаў
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў, прайшло ў Акадэміі кіравання. Вядучыя зачыталі віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які пажадаў кожнаму моцнага здароўя, творчага натхнення і невычэрпнай энергіі, а таксама імкнення да ведаў.
З прывітальным словам выступіў рэктар Генадзь Пальчык: «Першае верасня сімвалізуе магчымасці, новыя старты. Кожны з нас па-свойму вызначае той шлях, па якім збіраецца прайсці ў наступны навучальны год. Усе мы адзіныя ў адным: разам хочам зрабіць адзін аднаго крыху лепш — не толькі ў атрыманні ведаў, але і ў культуры зносін, разуменні элементаў рэальнага жыцця. Сёння ў першакурснікаў новы этап у жыцці, а якасныя веды з’яўляюцца сур’ёзным падмуркам для вашай далейшай сацыялізацыі, прафесійнага росту. Прыемна сказаць, што падчас падвядзення вынікаў прыёмнай кампаніі Міністэрства адукацыі вылучыла дзясятку самых прэстыжных спецыяльнасцяў у нашай краіне, і ўсе спецыяльнасці, якія прадстаўлены ў Акадэміі кіравання, увайшлі ў гэтую дзясятку. Жадаю вам поспехаў не толькі ў вучобе, але і ў творчай, навуковай працы. Віват, Акадэмія!».
З прывітаннем таксама выступілі дырэктар Інстытута кіраўніцкіх кадраў Ганна Яшчук і куратар групы першага курса спецыяльнасці «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», кандыдат сацыялагічных навук Ірына Дамасевіч.
На мерапрыемстве лідары органаў студэнцкага самакіравання ўручылі прадстаўнікам трох спецыяльнасцяў сімвалы «Веды для эфектыўнага кіравання», тым самым прысвяціў першакурснікаў у студэнты Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання.
Завяршылася мерапрыемства беларускай традыцыяй — новых студэнтаў пачаставалі караваем.
— Ад першага дня ў Акадэміі кіравання чакала толькі ўсяго лепшага. Выбіраючы ўстанову адукацыі, я азнаёмілася з вялікай колькасцю інфармацыі ў інтэрнэце. Мае чаканні апраўданыя: першы дзень вельмі гасцінны, атрымала шмат яркіх эмоцый. Лічу, што Акадэмія кіравання — гэта перспектыўная ўстанова адукацыі, якая дапаможа мне рэалізаваць намечаныя планы і дасягнуць пастаўленых мэтаў. Тут выкладаюць спецыялісты з велізарным вопытам работы, дзякуючы якім мы зможам пераняць веды і прымяніць іх у будучыні, — распавядае студэнтка спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права» Паліна Буракова.
Студэнт першага курса Ягор Падгурскі адзначыў: «Я ў захапленні ад мерапрыемства, усё было арганізавана на вышэйшым узроўні, так па-сямейнаму і дружна. Запомніўся момант з хлебам і соллю. Па-мойму, гэта выдатна аб'ядноўвае ўсіх студэнтаў. Вельмі рады, што паступіў менавіта ў гэтую ўстанову адукацыі. Ад вучобы чакаю ведаў. За пару дзён нам удалося пасябраваць з аднагрупнікамі. Думаю, далей будзе толькі лепш».
— Тут большасць людзей мэтанакіраваныя, што прымушае працаваць над сабой. Увесь час глядзіш у будучыню, на свае перспектывы, міжволі не толькі імкнешся за іншымі, але і хочаш быць лепш. Атмасфера тут такая, што трэба працаваць, але гэтага хочацца, — разважае першакурсніца Карына Туравец.
ПРЭС-ЦЭНТР
Читайте
также
