при Президенте Республики Беларусь
Рэктар Акадэміі кіравання прэзентаваў сваю манаграфію на XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы
19 лютага 2021 года у рамках XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу «Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны» на цэнтральнай выставачнай пляцоўцы, прысвечанай 30-годдзю стварэння Супольнасці Незалежных Дзяржаў, прайшла прэзентацыя манаграфіі рэктара Акадэміі кіравання Вячаслава Даніловіча «Моладзь у грамадска-палiтычным, сацыяльна-эканамiчным i культурным будаўнiцтве Савецкай Беларусi (1921 – 1939гг.)».
Выданне падрыхтавана ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» на 2016 – 2020 гг. і прысвечана праблемам удзелу моладзі ў грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным будаўніцтве БССР.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар Выдавецкага дому «Беларуская навука» Аляксандр Дудзік: «Прыемна, што такая колькасць неабыякавых людзей розных узростаў сёння знаходзіцца тут. Нягледзячы на тое, што кнігавыданне сур'ёзна змагаецца з сучаснымі гаджэтамі, старая добрая кніга ўсё роўна перамагае. Мы прадстаўляем навуковае кнігавыданне. Магчыма, яно не дзівіць вялікімі тыражамі, але кожная кніга − гэта знак якасці. Акрамя таго, кожны год мы павялічваем колькасць выдадзеных кніг (2020 год падарыў каля 160). Кожная з іх − праца дзясяткаў ці сотняў людзей. Усе тыя, хто працуе над гістарычнымі, фізічнымі, біялагічнымі кнігамі, − гэта людзі, якія максімальна ўключаны ў працэс. Спадзяюся, кожны, хто бярэ іх кнігі ў рукі, зможа гэта адчуць».
Вячаслаў Даніловіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, вядомы навуковец у вобласці гісторыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі ў 1921 – 1939 гг., а таксама маладзёжнага руху і маладзёжнай палітыкі ў Беларусі ў 1921 – 1939 гг., адзначыў, што пяцітомная «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» − унікальная праца, вынік некалькіх дзесяцігоддзяў навуковых даследаванняў, якія ажыцяўляліся як у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, так і нашымі калегамі з вну.
− Упершыню мы разгледзелі гісторыю беларускай дзяржаўнасці ад старажытнасці да сучаснасці. У гэтай працы адлюстравана новая канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці, дзе мы разглядаем яе найперш як унутраны патэнцыял народа, які фарміруецца тысячагоддзямі ў нашых продкаў. Тыя пяць тамоў выразна адлюстроўваюць ролю нашых продкаў у розных дзяржаўных утварэннях, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі пачынаючы з часоў старажытнай Русі, у перыяд існавання Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкага Саюзу і, нарэшце, Рэспублікі Беларусь. Падкрэслю, што пяты том увогуле ўнікальная рэч, таму што гэта даследаванне гісторыі Рэспублікі Беларусь з пункту гледжання дзяржаўнасці. Хацелася бы звярнуць увагу, што ў трэцім томе я ўпершыню прадставіў свае напрацоўкі па гісторыі маладзёжнага руху на тэрыторыі Беларусі ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя. Мяне гэты перыяд прыцягнуў таму, што ў ім адбываюцца радыкальныя пераўтварэнні ў нашым грамадстве, якія ў савецкі час паказваліся толькі з аднаго боку, праз прызму дзейнасці камуністычнай партыі, а пасля развалу Савецкага Саюза пра яго пісалі ў асноўным негатыўна. Мне захацелася разабрацца і самому паглядзець, як адбывалася на самой справе. Зразумела, усё ахапіць немагчыма, таму я астанавіўся на моладзі, на яе ўдзеле ў тых працэсах, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны ў 20-30-я гады ў Савецкай Беларусі, − сказаў ён.
З віншавальнымі словамі звярнуўся дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза: «Помню, як гэта ўсё адбывалася, наколькі складаная праца вучонага, які займаецца гісторыяй XX стагоддзя, а тым больш гісторыяй моладзі. Моладзь і сёння своеасаблівая, і тое ж самае было ў 20-30-е гады. І вось той пласт дакументаў, які падняў Вячаслаў Віктаравіч, дазволіў яму стварыць гэту працу. Яна з'яўляецца вялікай цаглінкай у разуменні тых грамадска-палітычных, культурных падзей, якія адбываліся ў гісторыі Беларусі. Вельмі важна, што гэтая навуковая праца напоўнена велізарнай колькасцю дакументальных крыніц, ілюстрацый, фотаздымкаў. Віншую вас!».
Напрыканцы мерапрыемства Вячаслаў Даніловіч выказаў падзяку кіраўніцтву Выдавецкага дому «Беларуская навука» за тое, што яны выдаюць знакавыя для Беларусі кнігі ў належным рэдактарскім і паліграфічным суправаджэнні, з’яўляюцца сапраўдным гонарам краіны і кніжнай справы.
ПРЭС-ЦЭНТР
Читайте
также



