при Президенте Республики Беларусь
Прадказанні варажбіткі, анлайн-гульня і іншыя актыўнасці: як прайшоў Дзень першакурсніка ў Акадэміі кіравання
На вялікім перапынку ў холе першага паверха Першасная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў Акадэміі кіравання арганізавала разнастайныя актыўнасці і фотазону для аматараў захаваць момант на доўгую памяць.
Адразу на ўваходзе сустракала варажбітка: кожнаму ахвотнаму яна ўглядалася ў лініі на далоні, пасля рабіла расклады на картах. Нікога яна не пакідала без надзеі, першакурснікі чулі простыя, але мудрыя словы: «Чалавек ніколі не стары, каб вучыцца. Новыя веды прынясуць вам поспех», — з такім ад яе пашла адна з дзяўчат. З такой парадай-прадказаннем яна не спрачалася — цяжка, на першым курсе вучоба сапраўды ў прыярытэце.
Падыходзім да іншай дзяўчыны пасля яе паходу да «празорцы», пытаемся, што ж такога ёй прадказалі. Студэнтку зваць Ангеліна Траццякова: «Варажбітка сказала, што ў мяне жыццё будзе поўным пераменаў, цяжкасцяў, але ў канцы ідзе прамая дарога, а гэта значыць, што ў выніку ўсё будзе добра. У варажбу веру, але разумею, што, найхутчэй, гэта толькі самаўнушэнне. Акрамя паходу да варажбіткі, ужо паспела пагуляць са сваім куратарам ў твістэр», — смяецца яна.
Пакуль Ангеліна зазірала ў свой лёс, побач з'явілася чарга з тых, хто любіць падумаць — тут студэнты старэйшых курсаў сустракалі першакурснікаў з мудрагелістымі пытаннямі. Тым трэба было праявіць кемлівасць, каб здагадацца «чым канчаецца лета і пачынаецца восень», «што стаіць паміж акном і дзвярамі» і «ці можа кіт называць сябе рыбай». За правільны адказ кожнаму прызначалася порцыя карыснай для мозгу глюкозы ў выглядзе салодкіх прэзентаў.
Апроч таго, можна было ў спецыяльна адведзенай зоне гуашшу «вытатуіраваць» зорку, парасон, кнігу, самалёцік — сімвал Прафсаюзу. Для тых, хто асабліва ганарыцца сваім паступленнем на пэўную спецыяльнасць, дзяўчыны-мастачкі маглі напісаць абрэвіятуры «ГУП», «ГУЭ» або «УІР». А былі і такія студэнты, якія прыходзілі са сваімі «эскізамі».
Для аматараў актыўнага ладу жыцця таксама знайшліся забавы. Першакурснікі маглі праверыць сваю гнуткасць у твістэры, памерацца спрытнасцю ў настольны футбол, паспаборнічаць у баях на Xbox, а потым усім разам станцаваць пад вядомыя песні ў «Just dance».
У час мерапрыемства арганізатары ўзнагародзілі пераможцаў разнастайных конкурсаў, якія праходзілі задоўга да Дня першакурсніка. Так, у розыгрышы па флаерах перамогу атрымаў Ілля Яўжэнка.
Студэнтка першага курса спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» Юлія Уласевіч па выніках агульнага галасавання ў інстаграм-акаўнце першаснай арганізацыі выйграла ў фотаконкурсе «Я выбираю мир». «Настрой выдатны. Хоць вынікі ўжо былі вядомыя, сёння нас узнагародзілі, — падзялілася яна ўражаннямі ад перамогі. — Я люблю танцаваць, а прыз — гэта сертыфікат ў танцавальную школу. Ужо паспела пагуляць у Xbox і зазірнуць да варажбіткі, якая, здаецца, прадказвае толькі добрае. Хачу паспрабаваць сябе ў танцах пад «Just dance» і, магчыма, схадзіць у зону малявання. Наогул, рада, што ў Акадэміі кіравання, студэнтам даюць магчымасць удзельнічаць у такіх мерапрыемствах».
На гэтым сюрпрызы не скончыліся. Спецыяльным прызам за больш поўнае раскрыццё тэмы ў фотаконкурсе «Я выбираю мир» узнагародзілі спецыяліста па інфармацыйных сістэмах ў Цэнтры адукацыйных тэхналогій Марыну Казарыну, а за найлепшую кампазіцыю была адзначана студэнтка першага курса спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права» Настасся Ставер.
Скончыўся Дзень першакурсніка анлайн-гульнёй «Залічана!». Студэнты старэйшых курсаў праверылі, як глыбока першакурснікі паспелі вывучыць Акадэмію кіравання — падчас гульні трэба было адказаць на пытанні і разгадаць рэбусы. У выніку спецыяльная праграма вызначыла трох шчасліўчыкаў, якія цяпер змогуць акунуцца ў віртуальную рэальнасць.
ПРЭС-ЦЭНТР
Читайте
также



