при Президенте Республики Беларусь
Беларускія песні, бодзі-арт у выглядзе васількоў і гарачая бульба: як у Акадэміі кіравання святкавалі Міжнародны дзень роднай мовы
21 лютага 2020 года ў сценах Акадэміі кіравання адбылася акцыя «Размаўляй па-беларуску», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.
Для студэнтаў і выкладчыкаў былі арганізаваны тэматычныя станцыі (усяго шэсць). На «Мой родны кут» удзельнікам прапаноўвалі суаднесці выказванне з аўтарам, а на «Прыказкі і прымаўкі» аб’яднаць рускамоўны і беларускамоўны варыянты. Станцыя «Ад А да Я» прымусіла прысутных згадаць беларускі алфавіт, «Узлом мозгу» − разгадаць беларускія рэбусы, а «Паліглот» − знайсці, якія фразы на славянскіх мовах з’яўляюцца беларускімі. Акрамя гэтага, удзельнікі маглі праявіць свае музычныя здольнасці і разгадаць, якія беларускія песні схаваны за эмодзі. Калі паспяхова праходзіш тры станцыі, атрымліваеш прыз – гарачую беларускую бульбу.
Тыя, хто не хацеў прымаць удзел у гульнях, маглі зайсці на пляцоўку, дзе можна было зрабіць бодзі-арт ў выглядзе васількоў і іншых сімвалаў краіны, або ў «цырульню» − там дзяўчаты плялі косы.
− Студэнцкі савет праводзіць мерапрыемства такога роду ў дзявяты раз. Лічу, што гэта важнае свята для кожнага з нас: на жаль, з кожным годам меньш людзей размаўляе на нашай роднай мове. Сёння кожны студэнт змог акунуцца ў беларускую культуру: паслухаць песні на роднай мове або ўпрыгожыць сябе элементамі беларускага арнаменту. Такія мерапрымествы дапамагаюць папулярызаваць беларускую мову і культуру сярод нашых студэнтаў, таму яны неабходны. Прыемна, што для нас гэта стала добрай традыцыей, − расказала студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права» Юлія Журава.
ПРЭС-ЦЭНТР