при Президенте Республики Беларусь
Акцыя «Размаўляй па-беларуску»
1 сакавіка ў Акадэміі кіравання прайшла акцыя «Размаўляй па-беларуску». Ініцыятарам мерапрыемства выступіў Студэнцкі савет Інстытута кіраўніцкіх кадраў.
Удзельнікаў акцыі вітаў дэкан факультэта кіравання, намеснік дырэктара Інстытута кіраўніцкіх кадраў Аляксандр Дашкевіч. «Мова – гэта каштоўнасць, і мы павінны захаваць яе для наступных пакаленняў. І наша роля ў гэтым вельмі вялікая. Часта ўзнікае пытанне: ці патрэбна мова будучаму кіраўніку? Ёсць два моманты: адзін цалкам практычны, другі – цалкам патрыятычны. У заканадаўстве замацавана, што кожны дзяржаўны служачы павінен ведаць дзяржаўныя мовы – беларускую і рускую – у межах, якія неабходныя для выканання яго прафесійных абавязкаў. Але ёсць і другі момант. Я лічу, што нельга быць добрым кіраўніком без адчування таго, што тое, што ты робіш, прыносіць карысць не толькі табе, але і тваёй краіне. А ад гэтага адчування фарміруецца адказнасць за тое, што ты робіш. Я заклікаю, каб гэта акцыя перастала быць акцыяй, а стала паўсядзённасцю», – сказаў Аляксандр Дашкевіч.
У акцыі таксама прыняў удзел загадчык аддзела лексікі і лексікаграфіі, вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў, які выказаў меркаванне, што важным з'яўляецца тое, што ініцыятыва аб правядзенні акцыі сыходзіла ад моладзі і нарадзілася ў сценах Акадэміі кіравання – вядучай навучальнай установы краіны, дзе рыхтуюць будучых кіраўнікоў. «Кіраўнік павінен ведаць абедзве дзяржаўныя мовы і пры гэтым с пашанай ставіцца да нацыянальнай мовы, паколькі нацыянальная мова выконвае вядучую ролю у духоўным жыцці краіны і з'яўляецца сімвалам ідэнтычнасці, нацыянальнай самабытнасці, а таксама захавальніцай ведаў, гісторыка-культурнай спадчыны народа», – сказаў Ігар Капылоў.
Завяршылася акцыя канцэртам з удзелам студэнтаў акадэміі, у якім усе нумары выконваліся на беларускай мове.
Прэс-цэнтр
Читайте
также


