при Президенте Республики Беларусь
Акцыя «Размаўляй па-беларуску» у Акадэміі кіравання стала сімвалам павагі да роднай мовы
Творча-патрыятычная акцыя «Размаўляй па-беларуску» прайшла 6 сакавіка ў Акадэміі кіравання па ініцыятыве Студэнцкага савета Інстытута кіраўніцкіх кадраў. Мерапрыемства стала сімвалам павагі да беларускай мовы, напамінам аб тым, што кожны беларус павінен берагчы роднае слова, ганарыцца яго мілагучнасцю, сілай і прагажосцю.
Акцыя «Размаўляй па-беларуску» праводзіцца ў Акадэміі кіравання не ўпершыню. Кожны раз студэнты, прадстаўнікі рэктарату, прафесарска-выкладчыцкага саставу, госці сустракаюць яе як сапраўднае свята. «Нацыянальная мова – гэта гісторыка-культурны скарб, і калі мы ім карыстаемся, ён становіцца больш каштоўным і дарагім для нас. Ідэя правядзення акцыі нарадзілася ў студэнцкім асяроддзі. Сёння мы ўжо адзначаем юбілей, хоць і невялікі – адзін год. Вельмі прыемна, што гэта ініцыятыва жыве», – адзначыў Ігар Капылоў, кандыдат філалагічных навук, вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.
Партнёрамі акцыі выступілі рэктарат Акадэміі кіравання, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. «Родная мова – гэта наш генетычны код, тое, што адрознівае беларусаў і ў той жа час – аб’ядноўвае. Вельмі важна яго захоўваць», – выказаў меркаванне Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
У рамках акцыі ўпершыню быў праведзены конкурс маладых талентаў, падведзены яго вынікі і агучаны імёны пераможцаў. Студэнты Акадэміі кіравання атрымалі магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці ў пяці намінацыях: відэапрэзентацыя на тэму «Які ён – сапраўдны беларус?», мастацкі фотаздымак, аўтарская песня, твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паэзія.
Акцыя «Размаўляй па-беларуску» яшчэ раз падцвердзіла, што студэнты Акадэміі кіравання – не толькі будучыя кіраўнікі, але і таленавітыя, крэатыўныя, творчыя асобы.
Заключнай часткай імпрэзы стала песня ў выкананні вакальнай студыі «Крылы», паміж радкоў якой гучала: «Любіце сваю краіну і родную мову!».
Прэс-цэнтр
Читайте
также



