Повышение квалификации
Повышение квалификации
Главная Авторитетное мнение Беларускі інтарэс у Сінгапуры

Беларускі інтарэс у Сінгапуры

Беларускі інтарэс у Сінгапуры

С. КИЗИМА,
заведующий кафедрой международных отношений Академии управления при Президенте Республики Беларусь, доктор политических наук, доцент

Беларускі інтарэс у Сінгапуры

Абмяркоўваючы дасягненні Сінгапура, большасці каментатараў цяжка ўтрымацца ад эпітэтаў "лепшы", "выдатны", "унікальны". Для гэтага ёсць усе падставы. У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя Сінгапур быў тыповай краінай Паўднёва-Усходняй Азіі – з нізкім узроўнем жыцця, большасцю насельніцтва ў трушчобах, высокай злачыннасцю і карупцыяй, міжэтнічнымі і міжрэлігійнымі сутыкненнямі. Сёння ён стаў недасяжным лідарам Паўднёва-Усходняй Азіі па ўзроўні жыцця насельніцтва, ступені развітасці эканомікі, забеспячэння міжэтнічнага і міжрэлігійнага міру і гармоніі, эфектыўнасці барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй. Некалькі гадоў назад Сінгапур разам са Швейцарыяй узначаліў адзін з сусветных рэйтынгаў па памеры актываў, што прыпадаюць на адну сям'ю ў краіне. Адзначым, што ў рэйтынгу глабальнай канкурэнтаздольнасці Сінгапур таксама на працягу апошніх гадоў займае другое месца (пасля Швейцарыі). Пры гэтым Сінгапур традыцыйна з'яўляецца лідарам у сусветным рэйтынгу "Вядзенне бізнэсу", які вызначае ступень спрыяльнасці вядзенню камерцыйнай дзейнасці ў краіне. Па памеры ВУП Сінгапур таксама адзін з першых у рэгіёне, паколькі, нягледзячы на тое, што ў ім пражывае крыху больш як пяць мільёнаў чалавек, аб'ём нацыянальнай эканомікі перавышае 320 мільярдаў долараў. Пры гэтым сама тэрыторыя краіны складае ўсяго 710 кв. кіламетраў, што менш за тэрыторыю Беларусі ў 292 разы.

Закласці асновы такой неверагоднай трансфармацыі змог нацыянальны лідар Лі Куан Ю, які стаў прэм'ер-міністрам краіны ў 1959 годзе. Таму папулярнасць Лі Куан Ю ў краіне проста неверагодная, і не дзіўна, што цяпер прэм'ер-міністрам з'яўляецца яго сын, Лі Сянь Лун.

Сінгапур найбольш прывабны для Беларусі як адзін з самых магутных у свеце фінансавых і інвестыцыйных цэнтраў. Адзначым, што сёння па памеры золатавалютных рэсурсаў Сінгапур знаходзіцца на 11 месцы ў свеце з 259 мільярдамі долараў, апярэджваючы такія вялізныя краіны, як Германія, Францыя, Італія і ЗША. У прыватнасці, менавіта інвестыцыі з Сінгапура адыгралі значную ролю ў паспяховай мадэрнізацыі Кітая. Гэта і не дзіўна, улічваючы, што тры чвэрці насельніцтва Сінгапура – этнічныя кітайцы. Сінгапур можа ўзяць удзел у набыцці беларускіх каштоўных папер, адкрыць філіял аднаго са сваіх банкаў на нашай тэрыторыі, падзяліцца інавацыямі ў сферы вядзення фінансавай і інвестыцыйнай дзейнасці.

Пры гэтым інвестыцыі з Сінгапура часта спалучаюцца з найноўшымі тэхналогіямі, што таксама вельмі важна для нашай краіны. У спісе найбуйнейшых па капіталізацыі 500 транснацыянальных карпарацый (ТНК) свету ў 2010 годзе ў Сінгапура налічвалася 6 ТНК. Беларускі інтарэс у гэтай сферы звязаны ў тым ліку са стварэннем і развіццём Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Як вядома, асноўныя кірункі яго дзейнасці – стварэнне і развіццё вытворчасцяў у сферах электронікі, тонкай хіміі, біятэхналогій, машынабудавання і новых матэрыялаў. У гэтай сферы ў Сінгапура мноства пачынанняў. У яго таварным экспарце прамысловыя тавары складаюць амаль тры чвэрці.

Сур'ёзныя перспектывы магчымыя і ў супрацоўніцтве ў сферы фармацэўтыкі. На тэрыторыі Сінгапура размешчаны заводы найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній свету і экспарт фармацэўтычных тавараў з'яўляецца адным з галоўных экспартных артыкулаў. Для Беларусі развіццё гэтага кірунку эканамічнай дзейнасці – адзін з найбольш прыярытэтных.

Павучальны і вопыт Сінгапура ў сусветным гандлі. Па выніках 2010 года гэта невялікая па насельніцтве краіна стала сусветным экспарцёрам № 14 і сусветным імпарцёрам № 15 сярод усіх краін свету. Яе доля ў сусветным экспарце склала 2,31 працэнта. Як вядома, Беларусь з'яўляецца адной з найбольш экспартаарыентаваных краін Еўропы, і ад далейшых поспехаў на гэтым кірунку залежыць эфектыўнасць мадэрнізацыі эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва. Асаблівы інтарэс для Беларусі мае вопыт Сінгапура ў арганізацыі экспарту паслуг. Па выніках 2010 года Сінгапур змог ажыццявіць экспарт паслуг амаль на 112 мільярдаў долараў, што ў шмат разоў перавышае беларускі паказчык. Нацэленасць Беларусі ў апошнія гады менавіта на развіццё экспарту паслуг, які традыцыйна для нашай краіны мае дадатнае сальда, перавышаючы імпарт паслуг, робіць досвед Сінгапура ў гэтай сферы важным для нас.

Варта павучыцца ў Сінгапура і здольнасці дыверсіфікаваць свой экспарт. У гэты момант асноўныя патокі экспарту прыкладна ў роўным аб'ёме размяркоўваюцца паміж Малайзіяй, Ганконгам, Кітаем, Еўрапейскім саюзам і Інданезіяй. Адпаведна, краіна з'яўляецца менш уразлівай да праблем на тым або іншым рынку. У Беларусі сёння асноўны экспарт сканцэнтраваны ўсяго на двух рынках – Еўрапейскім саюзе і Расіі, што больш рызыкоўна. Безумоўна, тут мае значэнне і адсутнасць у Беларусі выхаду да Сусветнага акіяна, але неабходнасць дыверсіфікацыі экспарту па ўзоры Сінгапура відавочная.

Можна чакаць, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Сінгапур з прадстаўнічай урадавай дэлегацыяй паслужыць усталяванню доўгачасовых і ўзаемавыгадных дзелавых і палітычных адносін.

Газета "Звязда" 21.03.2013

© 2010-2016 Академия управления при Президенте Республики Беларусь
Разработка БЕЛТА

ГУО БелМАПО Гродненский государственный университет имени Янки Купалы Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет КИИ МЧС РБ Гомельский государственный университет им. П. О. Сухого Белорусский государственный медицинский университет Мозырский государственный педагогический университет имени И.П. Шамякина

Московская 17, Минск, 220007, Республика Беларусь

e-mail: post@pac.by

Телефон: (+375 17) 229-51-11
Факс: (+375 17) 222-82-64

© 2016 Академия управления при Президенте Республики Беларусь