
| Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
|---|---|---|---|---|---|---|
Уступная кампанія ў Інстытуце кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь праходзіць раўнамерна і спакойна. Пра гэта паведаміў рэктар вну Анатоль Маразевіч 29 ліпеня, падводзячы вынікі залічэння на дзённую форму навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту па спецыяльнасцях «Дзяржаўнае кіраванне і права», «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» і «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі».
Па словах Анатоля Маразевіча, Дзяржаўная камісія па кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сёлета прынялі мудрае рашэнне, абмежаваўшы публікацыю бягучага стану спраў па конкурсах і пададзеных дакументах.
«25 ліпеня ў 15.00 усё было скончана, і таго ажыятажу, які быў у мінулыя гады ў апошнія пяць хвілін перад завяршэннем працы прыёмнай камісіі, сёлета ўжо не назіралася, – адзначыў рэктар Акадэміі кіравання. – І, нягледзячы на тое, што прыёмная камісія працавала дапазна, у гэты час абітурыентаў ужо не было. Мы рыхтавалі да 9.00 наступнага дня абсалютна вывераную інфармацыю з тым, каб яе можна было размясціць на нашым сайце і, натуральна, вывесці яе на экраны ў нашай акадэміі».
Кажучы аб конкурсе на спецыяльнасці, па якіх вядзецца навучанне ў Інстытуце кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання, Анатоль Маразевіч паведаміў, што з года ў год ён застаецца стабільным, хоць нязначныя ваганні назіраліся. «Аднак, конкурс – гэта, можна сказаць, штучнае. Калі ты бачыш свае балы і бачыш балы сваіх канкурэнтаў, тады дакладна можна вызначыць, дзе ты знаходзішся ў гэтым рэйтынгу. І ўсё ж, паколькі не па балах, а па групе балаў вылучаюцца секцыі, то з падлікам пагранічных балаў могуць узнікаць некаторыя праблемы. Але пры добрым аналізе і яны могуць быць вылічаны абітурыентамі. Разам з тым, такія конкурсы і ў нас, і ў іншых вну ствараюцца за кошт тых абітурыентаў, якія першапачаткова арыентаваны на платнае навучанне», – падкрэсліў рэктар Акадэміі кіравання.
Сёлета па дзвюх спецыяльнасцях – «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» і «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» залічэнне абітурыентаў праводзілася па агульным конкурсе. На кожныя з 50 бюджэтных месцаў па гэтых спецыяльнасцях было пададзена адпаведна 118 і 99 заяў. Такім чынам, конкурс на спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» склаў 2,38 чалавека на месца, «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» – 2 чалавекі на месца. Сярод тых, хто падаў заявы, два чалавекі былі залічаны без уступных выпрабаванняў (па адным на кожную спецыяльнасць). Прахадны бал для залічэння на спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» склаў 294, на спецыяльнасць «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» – 290.
На спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і права» пры наборы 50 чалавек было пададзена 155 заяў – конкурс склаў 3,1 чалавека на месца. Залічэнне па гэтай спецыяльнасці праводзілася па асобным конкурсе, бо абітурыенты – выпускнікі сельскіх школ – мелі агульны прахадны бал ніжэйшы, чым выпускнікі гарадскіх школ. Абітурыентам-вяскоўцам неабходна было набраць ад 269 балаў, а выпускнікам гарадскіх школ – ад 287.
Як сказаў сёння рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на ўрачыстай цырымоніі залічэння ў студэнты, наша дзяржава мае патрэбу ў таленавітых лідэрах, і перад акадэміяй стаіць задача падрыхтаваць сучасных, ініцыятыўных, настроеных на рашэнне канкрэтнай задачы кіраўнікоў, здольных не толькі ўспрымаць, але і генерыраваць ідэі. «Мы вельмі рады студэнцкай аўдыторыі, якая фарміруецца ў нас. Асноўная маса залічаных мае больш высокія балы ў параўнанні з мінулым годам. Сярод залічаных – 75 медалістаў, 13 пераможцаў трэцяга этапу Рэспубліканскага конкурсу па профільных алімпіядах. Думаю, што разам мы вырашым тыя задачы, якія ставіць перад намі Кіраўнік дзяржавы. Быць лепшым – гэта вельмі складана, але мы да гэтага імкнемся», – падкрэсліў Анатоль Маразевіч.
© Прэс-цэнтр
Маскоўская 17, 220007, Мінск, Рэспубліка Беларусь
e-mail: post@pac.by
Тэлефон: (+375 17) 226-37-45
Факс: (+375 17) 222-82-64