Галоўная Навіны

У Мінску прайшла першая сустрэча рэктараў профільных вну краін ЕўрАзЭС

31 сакавіка 2010

29-30 сакавіка 2010 года Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь правяла першую сустрэчу рэктараў акадэмій і інстытутаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўнай службы краін ЕўрАзЭС.

Удзел у мерапрыемстве прынялі рэктары профільных вну з Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Украіны, рэктары рэгіянальных расійскіх вну, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кіраўніцкіх кадраў.

Прывітанне ўдзельнікам сустрэчы рэктараў нацыянальных акадэмій і інстытутаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўнай службы краін ЕўрАзЭС накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У прывітанні было адзначана, што сустрэча кіраўнікоў вну, якія займаюцца падрыхтоўкай кіраўніцкіх кадраў у розных дзяржавах, арганізавана ўпершыню. Яна праходзіць у перыяд, калі пытанні партнёрства краін ЕўрАзЭС набываюць асаблівую важнасць.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што цяперашні форум дапаможа аб'яднаць намаганні краін у справе падрыхтоўкі сучасных высокакваліфікаваных спецыялістаў у сферы кіравання, пашырыць навуковае супрацоўніцтва ў галіне грамадскіх і гуманітарных навук.

У рамках сустрэчы рэктараў 29 сакавіка адбылося падпісанне статута Еўразійскай асацыяцыі нацыянальных акадэмій і інстытутаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўнай службы.

«Мы імкнуліся да падпісання статутных дакументаў асацыяцыі даволі доўга, вялі канструктыўны дыялог і, нарэшце, на сённяшняй сустрэчы мы паставім кропку ў справе юрыдычнага афармлення нашай волі», – сказаў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Анатоль Маразевіч.

Ідэя стварэння такой асацыяцыі распрацоўвалася больш за тры гады. Плануецца, што члены асацыяцыі будуць праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні, ажыццяўляць розныя праекты, праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі і семінары па праблемах дзяржкіравання. Таксама члены асацыяцыі мяркуюць распрацаваць шэраг праграм па падрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі дзяржаўных служачых і муніцыпальных служачых праз міжнародную акрэдытацыю. Акрамя таго, па словах Анатоля Маразевіча, плануецца стварэнне адзінай навукова-адукацыйнай прасторы ў галіне падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі служачых.

Нагадаем, што ў снежні 2007 года ў г. Бішкеку (Кыргызская Рэспубліка) на Першым міжнародным навукова-практычным форуме краін-партнёраў у галіне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў для дзяржаўнай і муніцыпальнай службы было прынята рашэнне аб заснаванні Асацыяцыі нацыянальных акадэмій і інстытутаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўнай службы краін ЕўрАзЭС.

У рамках першай сустрэчы рэктараў акадэмій і інстытутаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўнай службы краін ЕўрАзЭС быў арганізаваны Міжнародны дыялог «Актуальная кіраўніцкая адукацыя як адказ сучасным выклікам». Удзельнікі сустрэчы азнаёміліся з дзейнасцю акадэміі, наведалі перадавыя прадпрыемствы. Так, на мінскіх аўтамабільным і трактарным заводах абмеркаваны кіраўніцкія рашэнні, якія забяспечваюць інавацыйнае развіццё вытворчасці, а на агракамбінаце «Ждановічы» – беларускія дасягненні ў сферы развіцця і кіравання АПК. Эфектыўныя формы арганізацыі вытворчасці былі ў цэнтры ўвагі падчас наведвання унітарнага прадпрыемства "Белкамунмаш".

Удзельнікі сустрэчы таксама наведалі спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», Нацыянальны тэатр оперы і балета, дзе абмеркавалі дасягненні і кіраўніцкія рашэнні, што забяспечылі эфектыўнае будаўніцтва і эксплуатацыю аб'ектаў, развіццё культуры і здаровага ладу жыцця. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі для гасцей была арганізавана аглядная экскурсія, падчас якой яны азнаёміліся з работай бібліятэкі, архітэктурна-будаўнічымі асаблівасцямі яе будынка, тэхнічным абсталяваннем, інфармацыйнымі рэсурсамі, мастацкім афармленнем інтэр'ераў. У музеі кнігі увазе дэлегатаў была прадстаўлена калекцыя рарытэтных выданняў з бібліятэчных фондаў.

30 сакавіка ўдзельнікі першай сустрэчы рэктараў акадэмій і інстытутаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўнай службы краін ЕўрАзЭС ўсклалі вянкі да манумента на плошчы Перамогі ў Мінску.

У раздзеле «Фотагалерэя» афіцыйнага сайта Акадэміі кіравання прапануем азнаёміцца з фотарэпартажам.

© Прэс-цэнтр

© 2010 Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Маскоўская 17, 220007, Мінск, Рэспубліка Беларусь

e-mail: post@pacademy.edu.by

Тэлефон: (+375 17) 226-37-45
Факс: (+375 17) 222-82-64