
| Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
|---|---|---|---|---|---|---|
Беларусь зрабіла стаўку на моцную дзяржаву, якая ўзяла на сябе адказнасць за вельмі многія сферы, і пакуль ні разу аб гэтым не пашкадавала. Аб гэтым 24 верасня заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на тэму «Дзяржаўная кадравая палітыка на сучасным этапе».
Гаворачы аб ролі дзяржавы ў сучасным свеце, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта зусім не простае пытанне. «Быццам бы мы ўсе разумеем, што такое дзяржава, для чаго яна існуе і чым займаецца. Але варта толькі паглыбіцца ў гэту праблему, як перад намі паўстаюць самыя разнастайныя пытанні: што павінна браць на сябе дзяржава і ад чаго адмовіцца, – сказаў ён. – Дзяржава – гэта «начны вартаўнік» або гэта штосьці іншае? У розны час у розных краінах падыходы былі неаднолькавыя. Ад гэтага залежалі лёсы народаў, а таксама кадравая палітыка». Адна справа – дзяржава, якая не ўзвальвае на сябе вялікі груз адказнасці і, абмяжоўваючыся мінімумам функцый, проста наглядае за ходам падзей. Іншая – калі яна бярэ на сябе поўную адказнасць за лёс грамадства, за сучаснае і будучае краіны. «Глыбока перакананы, што роля дзяржавы ў сучасным свеце вялікая і вельмі актыўная ва ўсіх сферах, уключаючы эканоміку і палітыку», – падкрэсліў Прэзідэнт.
У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў прыклад сітуацыі, якую выклікаў сусветны фінансавы крызіс. «Прычына гэтага крызісу якраз у тым, што дзяржава аддала на водкуп прыватнікам, а часам і выпадковым людзям фінансавую сістэму. У выніку абваліліся банкі, абвалілася эканоміка. І калі краіны паспрабавалі выйсці з крызісу, яны перш за ўсё ўзмацнілі ролю дзяржавы. Тады і ў Еўропе, і ў Амерыцы пачалі рабіць тое, што Беларусь рабіла заўсёды, за што нас, і перш за ўсё мяне, пастаянна крытыкавалі», – сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
«У гэты крызіс час паказаў, хто меў рацыю і хто вінаваты. Вывад адзін: дзяржаве быць, і дзяржава, наколькі магчыма, павінна ўмешвацца ва ўсе працэсы жыцця грамадства. Але ні ў якім выпадку не ўмешвацца ў тыя працэсы, дзе яна сёння не можа і не павінна кіраваць», – адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што беларуская дзяржава пры любой сітуацыі можа прымаць эфектыўныя меры і забяспечваць парадак, сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё і стабільнасць у краіне.
Паводле яго слоў, у памяці людзей засталіся сур'ёзныя наступствы дэструктыўных працэсаў, якія адбыліся ў самым пачатку 1990-х гадоў у выніку распаду Савецкага Саюза. «Як толькі палі прывычныя інстытуты, іх месца імгненна занялі крымінальныя групоўкі. Яны захоплівалі не толькі цэлыя прадпрыемствы, але і рэгіёны. Станавіліся не ценявой, а самай сапраўднай уладай, прымушаючы грамадства жыць па сваіх паняццях, – сказаў ён. – У сярэдзіне 1990-х гадоў нам давялося ўладу аднаўляць літаральна з попелу. І зусім не з-за таго, што так ужо хацелася над кімсьці паўладарыць. Іншага шляху проста не было. Надзеі на прыватную ініцыятыву грамадзян, самаарганізацыю грамадства і самаразвіццё эканомікі тады не было. Бедныя людзі, закрытыя або на мяжы банкруцтва прадпрыемствы, збітае з толку грамадства, разгубленая інтэлігенцыя, выгнаныя з лабараторый на рэчавыя рынкі навуковыя работнікі – хіба можна было патрабаваць ад каго-небудзь з іх стаць лакаматывам, які вывеў бы грамадства з крызісу?»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ва ўмовах з'яўлення дзеячаў, якія змагаліся за тое, каб канчаткова разбіць дзяржаву, разагнаць кіраўнікоў і распрадаць усю ўласнасць, ім быў абсалютна свядома пачаты працэс умацавання дзяржавы. «Адначасова мы вучыліся эфектыўна кіраваць уласнасцю, гаспадарыць ва ўмовах рынку, развівалі грамадства, набывалі навыкі самакіравання. Гэта значыць, укаранялі ў сябе тыя ж эканамічныя і сацыяльныя інстытуты, што і развітыя краіны, але з розумам», – адзначыў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі быў выбраны шлях удумлівага, пакрокавага ўвасаблення агульнапрынятых стандартаў з улікам спецыфікі пераходных працэсаў у краіне і нацыянальных інтарэсаў.
«Жыццё даказала правільнасць такога падыходу. Прайшлі гады, і мы атрымалі пацвярджэнне сваёй праваты, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. – Таму для Беларусі не падыходзіць трактоўка ролі дзяржавы як «начнога вартаўніка» і пасіўнага наглядальніка, які жыве толькі за кошт падаткаў. Мы зрабілі стаўку на моцную дзяржаву, якая ўзяла на сябе адказнасць за вельмі многія сферы, і пакуль ні разу аб гэтым не пашкадавалі».
Аднак шырокі ўдзел дзяржавы ў розных сферах жыцця грамадства патрабуе, каб кіраўніцкі апарат складаўся з дасведчаных і высокапрафесійных людзей. Якраз такія кадры павінна рыхтаваць Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы даволі сур'ёзна раскрытыкаваў якасць падрыхтоўкі ў гэтай навучальнай установе, адзначыўшы, што акадэмія пакуль у асноўным працуе проста як звычайная вну, а не кузня высакакласных кіраўнікоў. «У мяне пакуль не склалася перакананасці ў тым, што наша акадэмія рыхтуе кіраўнікоў – па-першае, і, па-другое, – добрых кіраўнікоў», – сказаў ён.
Рэктар Акадэміі кіравання Анатоль Маразевіч далажыў Кіраўніку дзяржавы аб бягучым стане і планах па развіццю навучальнай установы. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што нядрэнна было б пабудаваць асобны акадэмгарадок. Кіраўнік дзяржавы задаў пытанне: «У нас што, у гэтых двух будынках не хапае месца для падрыхтоўкі кіраўнікоў, якія нам патрэбны? Калі размова ідзе аб будаўніцтве гэтага новага цэнтра, адразу ўзнікае пытанне: для падрыхтоўкі каго і чаго? У нас і так стаіць пытанне аб лішку падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй».
Прэзідэнт падкрэсліў, што, калі б ён бачыў, што навучальная ўстанова рыхтуе свяцілаў і з яе сцен выходзяць сапраўдныя «брыльянты», то акадэмгарадок быў бы даўно пабудаваны. «Мне здаецца, што акадэмія працуе сёння так, як і іншыя вну», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Перад вамі была пастаўлена задача адабраць унікальных хлопцаў і дзяўчат – супердзяцей – і тут іх навучаць. Гэта заўтрашнія прэзідэнты краіны, міністры. Іх відаць ужо ў школе. Яны павінны быць усебакова развітымі людзьмі, гатовымі заўтра павесці за сабой масы», – сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да рэктара акадэміі.
Аднак, прадоўжыў Прэзідэнт, для такіх студэнтаў і слухачоў патрэбны і высокапрафесійны прафесарска-выкладчыцкі склад. У прыватнасці, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць 23 верасня ён сустракаўся з кіраўнікамі гаспадарак і прадпрыемстваў, раёна і вобласці, якія, на яго думку, з'яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. «Хто павысіць іх кваліфікацыю?» – задаў ён пытанне.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіне патрэбна не тая Акадэмія кіравання, якая ёсць цяпер. «Гэта павінна быць лепшая вну. Пры кіраўніку дзяржавы гэта павінна быць нешта ўнікальнае», – перакананы ён. Пры гэтым зусім не абавязкова, каб у такой навучальнай установе вучыліся тысячы чалавек (цяпер у акадэміі навучаюцца каля 3,3 тыс. студэнтаў).
Прэзідэнт дадаў, што быў бы гатовы і сам прымаць удзел у падрыхтоўцы на базе акадэміі кіраўніцкіх кадраў і час ад часу, напрыклад раз у месяц, прыходзіць у гэту навучальную ўстанову. «Але я павінен ведаць, што мне, прынамсі, тут будзе цікава», – рэзюмаваў ён.
Адкрываючы сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі акадэміі, Прэзідэнт адразу абазначыў, што прыйшоў проста пагутарыць, а не чытаць лекцыю. «Рыхтуючыся да нашай сустрэчы, я падумаў, што, напэўна, у гэтай аўдыторыі будзе правільна пагаварыць аб дзяржаўнай кадравай палітыцы – якая яна склалася на сучасным этапе, якія падыходы ў будучым. Што чакае вас, сённяшніх студэнтаў, якім хутка трэба будзе вызначаць лёс нашай краіны», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, менавіта «служэнне» – ключавое слова ў разуменні дзяржаўнай службы. Таму што яна з'яўляецца не проста месцам работы. «Выбраўшы гэты шлях, ты павінен прысвяціць сябе служэнню людзям, ажыццяўленню дзейнасці на іх карысць», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, апошнім часам навамодным стала разважанне, што дзяржаўны служачы – гэта наняты менеджар. «Глупства поўнае. Дзяржаўны служачы, пачынаючы ад Прэзідэнта, менеджарам быць не можа, таму што не можа быць дзяржаўная служба і дзяржава камерцыйным або вытворчым прадпрыемствам. Гэта асаблівая работа. Гэта асаблівы чалавек, які павінен разумець, што ён у нейкай ступені прынесены ў ахвяру, і яго асабістае – гэта нават не другараднае, а трэцяраднае пытанне. Галоўнае – гэта тое, чаму ён служыць. Таму ні аб якім менеджарстве тут размовы быць не павінна», – лічыць ён.
На жаль, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, у кадравай палітыцы няма гатовых формул. Яна выпрацоўваецца паступова, інтуітыўна і часам не без памылак. «Таму мне хацелася б разам з вамі паразважаць над тым, які менавіта кіраўнік патрэбен нашай краіне сёння, у кім яна будзе мець патрэбу, як знайсці і выхаваць такіх людзей», – сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных.
Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама тэму падбору і расстаноўкі кадраў. «Пры падборы і расстаноўцы кадраў мы імкнёмся выкараняць кумаўство, працягванне якіх-небудзь сваіх людзей, кланавасць і зямляцтва», – заявіў ён.
«Скажу шчыра, я сам сутыкнуўся з гэтай праблемай з першых дзён прэзідэнцтва, калі частка людзей, якія падтрымлівалі мяне ў перадвыбарную кампанію ў 1994 годзе, на наступны дзень пасля майго выбрання прыйшла да мяне за партфелямі. Яны ўжо размеркавалі паміж сабой кіраўніцкія крэслы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але тады Прэзідэнт сказаў, што пасады будуць толькі па здольнасцях.
Звяртаючыся да студэнтаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выказванне «падбор і расстаноўка кадраў, можа, і аддае кансерватызмам, але на самай справе размова ідзе аб важнейшай, калі не ключавой, функцыі кіравання».
«Для мяне яна асабліва важная і адказная, паколькі ў Беларусі Прэзідэнт надзелены вялікімі паўнамоцтвамі. На маім узроўні назначаецца вельмі шмат службовых асоб. Хтосьці можа падумаць, што ўсё гэта лішні раз падкрэслівае ўладалюбства Лукашэнкі. Але якраз з пункту гледжання публічнай палітыкі гэта не вельмі выгадна Прэзідэнту, і я гэта разумею як ніхто іншы. Таму што за кожнага чалавека, якога назначае асабіста Прэзідэнт, менавіта ён і нясе адказнасць», – падкрэсліў ён.
У краіне створана сістэма падбору кадраў, у адпаведнасці з якой на разгляд Кіраўніка дзяржавы прадстаўляюцца кандыдатуры для назначэння на пасады. «У мяне свае крытэрыі падбору: абавязкова пры назначэнні павінна быць альтэрнатыва – некалькі прэтэндэнтаў на пасаду», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён асабліва адзначыў той факт, што менавіта адукацыю лічыць прыярытэтам. І Акадэмія кіравання якраз прызначана рыхтаваць дасведчаных і высокакваліфікаваных кіраўнікоў. «У сённяшнім свеце веды абнаўляюцца пастаянна. Тое, што ўчора было навінкай, сёння ўжо банальнасць, а заўтра яго можна здаваць у архіў. Менавіта таму яшчэ некалькі гадоў таму мы паставілі стратэгічную мэту перайсці на новы эканамічны ўклад – да эканомікі ведаў», – дадаў Прэзідэнт.
На думку Кіраўніка дзяржавы, важная задача кіраўніка – у час заўважыць змяненні, што адбываюцца ў свеце, і выпрацаваць патрэбныя рашэнні.
Дзяржкіраванне становіцца ўсё больш складаным, патрабуе не толькі ведаў, але і здольнасці рэалізоўваць гэтыя веды на практыцы. На думку Прэзідэнта, кіруючым работнікам неабходна вучыцца бесперапынна. «На Захадзе кіраўнік буйной карпарацыі звычайна навучаецца або займаецца самаадукацыяй не менш як 100 гадзін у год. Гэта вельмі правільна, інакш адстанеш ад прагрэсу, не зможаш арыентавацца ў навакольным жыцці, а значыць – прайграеш у схватцы з канкурэнтам», – сказаў ён, са шкадаваннем канстатаваўшы, што ў Беларусі пакуль такой традыцыі няма. На яго думку, з Акадэміі кіравання яна, напэўна, пачынае ўстанаўлівацца і асвойвацца ў грамадстве.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння краіне патрэбны кіраўнікі-наватары. «Наша краіна прайшла перыяд станаўлення і стаіць на парозе якасна новага этапа развіцця. Размова не аб змене курсу, не аб павароце або развароце, а аб фарсіраваным руху наперад, імклівым рыўку», – сказаў ён. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, «мы аднавілі амаль з руін тое, што дасталося нам у спадчыну ад Савецкага Саюза, і пайшлі далей, мадэрнізаваўшы многія прадпрыемствы да самага сучаснага ўзроўню».
Аднак, лічыць Прэзідэнт, гэтага сёння недастаткова. «Цяпер ужо мала проста мадэрнізацыі асобных прадпрыемстваў або галін. Беларусь мае патрэбу ў з'яўленні новых галін эканомікі, заснаваных на ведах, інфармацыйных тэхналогіях і завязаных на свае рэсурсы». Такімі рэсурсамі з'яўляюцца лес, дрэваапрацоўка, пітная вада. Акрамя таго, Беларусь можа больш эфектыўна выкарыстоўваць другасную сыравіну.
«Беларусь мае патрэбу ў новых галінах эканомікі, а значыць – і ў новых кіраўніках, і новых ведах. Мы павінны перасягнуць нават некаторыя еўрапейскія маркі для таго, каб выжыць, каб наш тавар быў лепшы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Вырашым некалькі стратэгічных задач, адыдзем ад залежнасці па вуглевадародах і гэтак далей – значыць, мы застанёмся як дзяржава. Не – будзем на другарадных ролях, плесціся ў хвасце і думаць: «Ну возьмуць нас у Еўрасаюз, якую-небудзь падачку кінуць – добра. Ну, можа, як нам нейкі лідар прапаноўваў, унутр Расіі ўвайсці, можа, таксама будзе добра». А не хацелася б, каб перад нашай дзяржавай стаяў толькі такі выбар і такая альтэрнатыва», – адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што «шчасце трэба шукаць у сябе». «Нават калі будзе цяжка, складана, я заўсёды папярэджваў, вы хочаце незалежнасці, а за яе трэба дорага плаціць. І ўсе дзяржавы вельмі дорага за яе плацілі», – дадаў ён.
Важную ролю ў вырашэнні напружаных і амбіцыйных задач Аляксандр Лукашэнка адводзіць кадрам, іх прафесійнаму ўзроўню.
Ён адзначыў асаблівую ролю Акадэміі кіравання ў павышэнні кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў сферы кіравання. На думку Прэзідэнта, важна не проста колькасць, а якасць выпускнікоў. Перад Акадэміяй кіравання стаяць вельмі адказныя задачы, паколькі менавіта тут фарміруецца той кіраўніцкі корпус, які павінен займаць кіраўніцкае становішча на прадпрыемствах, у рэгіёнах, у органах улады.
Аляксандр Лукашэнка вылучыў некалькі напрамкаў, на якіх акадэмія павінна сканцэнтраваць свае намаганні. На яго думку, да навучання кіраўніцкіх кадраў неабходна ўкараняць практыка-арыентаваны падыход. У сувязі з гэтым кіраўніцтву Акадэміі трэба яшчэ раз прааналізаваць, наколькі структура вучэбнага працэсу мае прыкладны характар і адпавядае рэальнаму жыццю. Акрамя таго, кіраўнік павінен умець не толькі адказваць на выклікі часу, але, што больш важна і складана, прагназаваць развіццё. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш шырокага выкарыстання ў адукацыйным працэсе практычнага вопыту, а таксама на бесперапыннасць падрыхтоўкі кіраўніка. Гаворачы аб выкладчыках, ён выказаў думку, што іх неабходна падбіраць на конкурснай аснове.
Прэзідэнт асабліва акцэнтаваў увагу на тым, што галоўнай мэтай любога кіраўніка павінен быць клопат аб людзях і іх дабрабыце. Адным з асноўных правіл кіраўніка таксама павінен быць глыбокі аналіз перадавога замежнага вопыту і ўкараненне яго ў сябе. Ён падкрэсліў, што кіраўнікі любога ўзроўню «павінны быць бліжэй да людзей». «Таму што самае вялікае багацце, як бы гэта банальна ні гучала, – гэта нашы людзі. І калі нам удасца павысіць узровень дабрабыту нашых людзей, значыць, на два парадкі, на два ўзроўні павысіцца дабрабыт дзяржавы», – сказаў Прэзідэнт.
«Падбор і падрыхтоўка менавіта такіх людзей, якія будуць клапаціцца аб нашым народзе, нашай дзяржаве павінны быць асновай дзяржаўнай кадравай палітыкі», – падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні закрануў і маральны аспект кіраўніка. На яго думку, абсалютна недапушчальнымі для кіраўніцкіх кадраў з'яўляюцца карупцыя і бюракратызм. У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў барацьбе з бюракратызмам у краіне ёсць некаторыя зрухі.
Завяршыўшы выступленне перад аўдыторыяй, Прэзідэнт адказаў на шматлікія пытанні студэнтаў, якіх цікавіла літаральна ўсё, пачынаючы ад перспектыў эканамічнага і палітычнага развіцця краіны, заканчваючы асабістым жыццём Краўніка дзяржавы.
У прыватнасці, у Прэзідэнта пацікавіліся, у чым асаблівасць беларускага вопыту ў фарміраванні дзяржаўнай ідэалогіі. Як адзначыў беларускі лідар, фарміраванне гэтай ідэалогіі пакуль не завершана, і ў гэтым плане наперадзе яшчэ шмат работы. «Гэта не прыдумаеш – гэта павінна жыццё выкрышталізаваць, – адзначыў ён. – Грунтавацца заўсёды на чымсьці трэба, але трэба ў праламленні да цяперашняга жыцця стварыць нешта сваё, што захопіць масы. Тады гэта будзе сапраўдная ідэалогія».
Цікавіла студэнтаў таксама пытанне знешнепалітычных прыярытэтаў нашай краіны. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не мае намеру мяняць напрамак сваёй знешняй палітыкі, сутнасць якой у шматвектарнасці.
«Не думаю, што трэба мяняць напрамак знешняй палітыкі, – сказаў ён. – Мы намацалі правільны напрамак знешняй палітыкі – шматвектарнасць». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь пры выбудоўванні знешняй палітыкі зыходзіць з таго, што яе інтарэсы не павінны быць на шкоду суседнім дзяржавам і ўсяму свету. «Мы ні з кім ваяваць не будзем», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў: «Мы вельмі акуратныя ў адносінах да сваіх суседзяў і праводзім такую палітыку, каб яна не была на шкоду ім».
Разам з тым Прэзідэнт адзначыў: «Мы неяк нахіліліся на адно крыло», маючы на ўвазе расійскі напрамак. Ён растлумачыў гэта блізкасцю двух народаў. «Мы выбудоўвалі свае адносіны перш за ўсё на ўсходнім напрамку, але да чаго гэта прывяло з-за той палітыкі, якая праводзіцца расійскім кіраўніцтвам, вы бачыце», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адно з пытанняў дытычылася супрацоўніцтва з Венесуэлай. Прэзідэнт лічыць значным для Беларусі супрацоўніцтва з гэтай краінай, асабліва ў частцы паставак нафты. «Калі б Венесуэла нам у бягучым годзе не дапамагла, нам было б цяжка, – падкрэсліў ён. – Яны нас проста выратавалі».
«Нашаму супрацоўніцтву з Венесуэлай быць. Мы пачалі сур'ёзныя праекты з гэтай краінай, будуем там цэлыя гарады, здабываем нафту. Там працуюць многія нашы высокакваліфікаваныя спецыялісты. Таму і Венесуэла зацікаўлена ў супрацоўніцтве з намі і прадае нам нафту па нармальных умовах», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы па просьбе студэнтаў расказаў і аб некаторых асаблівасцях работы на пасадзе Прэзідэнта. Паводле яго слоў, гэта ў першую чаргу значная псіхалагічная нагрузка, таму што даводзіцца прымаць адказныя рашэнні за ўсю краіну. Як прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, у пытанні псіхалагічнай разгрузкі вельмі дапамагае спорт, асабліва гульнявыя віды. Тым не менш, на яго думку, быць кіраўніком – гэта самая цікавая работа, таму што дае магчымасць рэалізаваць на практыцы тыя ці іншыя задумы. У сваю чаргу самай цяжкай працай кіраўнік дзяржавы назваў навуковую дзейнасць.
Студэнты не абмінулі ўвагай і сферу новых інфармацыйных тэхналогій і выкарыстання іх у сваёй дзейнасці Прэзідэнтам краіны. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён у гэтым плане «не вельмі дасведчаны чалавек». «Але гэта трэба ведаць, гэтым трэба валодаць», – лічыць ён.
Ён таксама паведаміў, што не збіраецца ствараць асабісты блог, а для інфармавання людзей аб яго дзейнасці існуе афіцыйны інтэрнэт-партал Кіраўніка дзяржавы.
«Пра асабісты блог я не думаю і не збіраюся яго ствараць, таму што мне гэта проста не патрэбна, – сказаў Прэзідэнт. – А паказаць, які я дасведчаны... Не хочацца мне паказухай займацца». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове яго палітыкі шчырасць і справядлівасць.
«Я не магу пахваліцца, што ў мяне ёсць яшчэ шмат таго, што не звязана з маёй прэзідэнцкай дзейнасцю. За рамкамі прэзідэнцтва таго асабістага, што не з'яўляецца здабыткам грамадства, – вельмі і вельмі мала, – прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. – Ці патрэбен мне блог, калі ў мяне ёсць сайт Прэзідэнта? » «Я на сайце Прэзідэнта буду выказваць свой пункт гледжання, а не ў блогах», – рэзюмаваў ён, дадаўшы, што блогі не чытае, паколькі на гэта няма часу.
У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся таксама, якой ён бачыць Беларусь праз пяць гадоў. На гэта няпростае пытанне ён абяцаў даць адказ на Усебеларускім народным сходзе, калі будуць падведзены вынікі работы за 2006-2010 гады і вызначаны напрамкі на будучую пяцігодку.
Увогуле, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у краіне ва ўсіх сферах ужо вызначаны тыя шляхі, па якіх трэба рухацца. Так, у прамысловасці за гэту пяцігодку пабудавана каля 250 новых прадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за будучую пяцігодку неабходна завяршыць мадэрнізацыю ўсіх прамысловых прадпрыемстваў, вывесці іх на самы высокі тэхналагічны ўзровень.
Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то тут таксама вызначаны напрамкі, што трэба вырабляць, як перабудаваць сельскую гаспадарку. У будучай пяцігодцы будзе дашліфоўвацца праграма адраджэння і развіцця вёскі.
Прэзідэнт адзначыў, што ў будучым прыярытэт у развіцці будзе аддавацца асобным напрамкам: «На аснове самых высокіх тэхналогій, эканомікі ведаў мы будзем знаходзіць напрамкі і кропкава выдзяляць грошы». Адным з такіх напрамкаў, напрыклад, можа стаць касмічная галіна.
Гаворачы аб сістэме адукацыі, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тут завершаны ўсялякія рэформы. «Мы ўсё адрэфармавалі, нават вярнуліся па нейкіх пазіцыях назад. Мы вызначылі напрамкі дзейнасці. Нам трэба пяцігодку ў гэтай сістэме папрацаваць», – сказаў ён. У сістэме адукацыі будзе стварацца база, ісці падрыхтоўка выкладчыкаў, прымацца меры па іх матэрыяльнай зацікаўленасці, стымуляванню гэтак жа, як і ў ахове здароўя і па іншых напрамках.
Студэнты цікавіліся таксама пытаннямі развіцця спорту, у сувязі з чым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што цяпер усе намаганні нацэлены на падрыхтоўку да Алімпіяды ў Лондане. Разам з тым ён адзначыў, што ў свеце «спорт цяпер стаў не проста вялікай камерцыяй, але і вялікай палітыкай». Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што спортам павінны займацца ўсе чыноўнікі ў краіне, паколькі без спорту здароўя не будзе.
На памяць аб наведванні Акадэміі кіравання Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.
© Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
© Фота БЕЛТА
Маскоўская 17, 220007, Мінск, Рэспубліка Беларусь
e-mail: post@pac.by
Тэлефон: (+375 17) 226-37-45
Факс: (+375 17) 222-82-64