Галоўная Я – грамадзянін

Я – грамадзянін

Я – грамадзянін

Я – грамадзянін! Гэта не лозунг і гэта – не заклік. Гэта азначае, што я з’яўляюся часцінкай вельмі вялікага палітычнага ўтварэння, якое называецца дзяржавай. Дзяржава ж узнікла як інстытут для абароны маіх ад прыроды дадзеных правоў чалавека і асобы. Значыць, грамадства пярвічнае, а дзяржава – другасная. І таму дзяржава павінна клапаціцца і абараняць мае правы. Аднак дзяржава не стане дзяржавай, калі і я не буду клапаціцца і абараняць яе таксама, бо дзяржава – гэта мы самі. Якія мы – такая і дзяржава. Адсюль вынікае: каб была моцнай і квітнеючай дзяржава, мы, кожны на сваім працоўным, службовым, вучэбным месцы, павінны ўнесці свой максімальны ўклад у яе ўмацаванне.

А каб унесці максімальны ўклад, патрэбны, з аднаго боку, прафесіяналізм, а з другога боку – патрыятызм, вялікая любоў да сваёй Айчыны. На дадзеным этапе свайго жыцця першае вырашаецца найперш за кошт вучобы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а другому садзейнічае ўдзел у працы гуртка «Мая Радзіма – Беларусь!», створанага кафедрай тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.

Гурток працуе ў Акадэміі кіравання ўжо трэці год. Яго пастаянныя ўдзельнікі – гэта ў асноўным мае аднакурснікі, студэнты першага курса спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка».

У гэтым семестры ў гурток запісалася першапачаткова шмат студэнтаў, аднак рэальна наведвала яго прыкладна 20 чалавек. Многія не змаглі прысутнічаць на яго пасяджэннях з-за раскладу заняткаў. Другія выбралі іншыя студэнцкія гурткі і таварыствы.

Старастай гуртка была абрана студэнтка першага курса ДКЭ-1 Бокун Вераніка, а намеснікам старасты абралі мяне, студэнтку першага курса ДКЭ-2 Бабкевіч Рыта.

Усяго было праведзена сем пасяджэнняў, на якіх разглядаліся пытанні арганізацыйныя (выбары кіраўніцтва), працы над навуковай тэмай, яе афармлення, а таксама абмеркавання асобных актуальных праблем гісторыі Беларусі.

На пасяджэннях былі разгледжаны такія пытанні, як «Асноўныя тэндэнцыі развіцця гістарычнай навукі ў Беларусі» (прафесар Навіцкі У.І.), «Праблемы гаспадарчага развіцця ВКЛ і іх адлюстраванне ў беларускай гістарыяграфіі» (дацэнт Саракавік І.А.), «Дзейнасць Сфорцы Боны і яе наступствы для айчынных зямель» (дацэнт Саракавік І.А.), «Генезіс эканамічнага развіцця айчынных зямель. Ад Полацкага княства да аграрнай рэформы ВКЛ» (прафесар Навіцкі У.І.) і інш.

У чым адметнасць працы нашага гуртка – гэта, як правіла, размова на роднай мове. Хоць, як заўважаюць нашы навуковыя кіраўнікі, чым больш розных моў мы будзем ведаць, тым лепш як для нас, так і для нашай Бацькаўшчыны. Чаму родная мова? Таму, што ў любой краіне прынята ведаць найперш родную мову, гісторыю дзяржавы, у якой пражываеш, і быць законапаслухмяным грамадзянінам, інакш замежная асоба не атрымае грамадзянства. Праўда, да гэта дадаецца тэрмін пражывання ў адпаведнай краіне – ад трох да пяці гадоў. Мова ж нашая мілагучная, прыгожая. Дадзеная нам ад продкаў. І нават таму мы павінны шанаваць яе, ганарыцца ёю. Наш знакаміты паэт, Адам Міцкевіч, пісаў, што наша мова выдзяляецца сярод славянскіх моваў сваёю чысцінёю і першазданнасцю.

Не меншае значэнне ў працы гутрка надаецца гістарычнай памяці. Не можа быць сапраўднага народа, які не ведае сваіх каранёў, не ганарыцца сваім мінулым, якім яно не было бы. Наша мінулае заслугоўвае таго, каб мы яго ведалі і шанавалі. Ды і як яго не ведаць і не ганарыцца, калі многія нашы населеныя пункты нашымі продкамі былі закладзены намнога раней, чым далей на ўсходзе ў славян, калі ў нас першых з усходніх славян з’явілася кнігадрукаванне, выдадзены першыя сусветнавядомыя зводы законаў – Статуты Вялікага княства Літоўскага, калі наша дзяржава была краінай замкаў і палацаў, розных культавых збудаванняў, і па свайму дойлідству не ўступала многім іншым рэгіёнам Еўропы, а то і пераўзыходзіла іх. Падобных прыкладаў можна прыводзіць яшчэ.

Наша зямля гераічная і разам з тым шматпакутная. Па ёй безліч разоў грукаталі калясніцы вайны з поўначы на поўдзень і наадварот, а таксама з усходу на захад і з захаду на ўсход. Мы ганарымся тым, што ў гэтых віхурах войнаў наш народ ніколі (!) не быў агрэсарам і заўсёды мужна і да канца бараніў свае гонар і годнасць, сваю свабоду і веру. І як памяць аб гэтым – шматлікія помнікі ахвярам тых суровых падзей, раскіданыя па ўсёй нашай Радзіме: ў Полацку і ў Гародні, ў вёсцы Студзенцы і ў Хатыні… Не можам запамятаваць мы і горкую памяць нашай зямлі. У розных войнах загінула ад паловы да чацвёртай – трэцяй часткі нашых продкаў. Загінула, змагаючыся, каб мы сёння мелі свабодную і незалежную Беларусь, каб змаглі прадоўжыць іх справу: зберагчы і яшчэ больш упрыгожыць, умацаваць нашу зямлю.

Наша зямля – гэта, па Уладзіміру Караткевічу і па нашаму перакананню, залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Аднак галоўная гістарычная памяць – гэта нашыя продкі, якія потам і крывёю стваралі і баранілі нашу Бацькаўшчыну. Яны раскарчоўвалі лясы пад палеткі, станавіліся добрымі аратымі, выводзілі новыя сарта насення і новыя віды хатняй скаціны, асушалі балоты і пракладвалі гаці, асвойвалі рамёслы, мануфактуры і будавалі сучасныя заводы і фабрыкі. Іх рукамі створаны шэдэўры драўлянага і цаглянага дойлідства, а іх розумам – фальклор, знакамітыя творы літаратуры і мастацтва.

Сапрычашчэнне з роднаю моваю і гістарычнай памяццю і спрыяе праца гуртка «Мая Радзіма – Беларусь!». Асаблівую ўвагу мы надаём падрыхтоўцы і паказу прэзентацый, падрыхтаваных намі самімі, аб сваёй малой радзіме. Вікторыя Істратава (ДКЭ-3) падрыхтавала і паказала прэзентацыю «Высокае – знакаміты вугалок Брэстчыны». Невялікі куточак Брэсчыны аказаўся маляўнічым і багатым на сваю гісторыю. Гэтыя мясціны звязаны з рэзідэнцыяй уплывовых магнатаў Сапегаў, якія шмат што здзейснілі на карысць нашай Радзімы: надрукаванне за свой кошт Трэцяга Літоўскага Статута і прадмовы да яго, адкрыццё юрыдычнага факультэта, падрыхтоўка і выданне Галоўнага Літоўскага Трыбунала… Гэтыя мясціны – і радзіма апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Анастасія Мурзіна (ДКЭ-3) сабрала багаты матэрыял для прэзентацыі «Гомель»: аб мінулым свайго горада, паходжанні назвы «Гомель», гераічных старонках барацьбы гаражан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, яго пабрацімах у Францыі – Клерман-Феран і ў Польшчы – Абердзін, Радам, Дварцова-паркавым ансамблі Румянцавых, сучасных яго дасягненнях.

Цікавы аповед атрымаўся ў Марыны Пабігай (ДКЭ-4) аб сваёй роднай Слаўгарадчыне. Горад Слаўгарад (летапісны Прапойск, Прапошеск, Прупой) першапачаткова згадваецца ў Статутнай грамаце 1136 г. смаленскага князя Расціслава Мсціславіча як Прапошеск. Затым ён апынуўся ў Вялікім княстве Літоўскім і доўгі час уваходзіў у Мсціслаўскае ваяводства, а з верасня 1772 г. Прапойскае староства, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, – у складзе Расійскай імперыі. Цяперашняе імя гораду даў асабіста І.В. Сталін 23 мая 1945 г. У горадзе захавалася як помнік гісторыі старажытнае гарадзішча радзімічаў на стромкім беразе Сожа недалёка ад упадзення ў яго ракі Проні. Ёсць і прыгожы храм з васьмігранным купалам, які мае рысы класіцызму канца XVIII ст. Зямля гэта – сведка нападу шведаў, французаў і немцаў, і барацьбы мясцовага насельніцтва з напаўшым ворагам…

Не менш цікавы былі і іншыя прэзентацыі. Так, Ніна Бірыла (ДКЭ-1) паказала і пракаменціравала прэзентацыю «Вілейка: ўчора і сёння», Уладзіслаў Крывецкі (ДКЭ-2) – «Пінск – вечна малады», Вольга Будай (ДКЭ-2) – «Мой родны Смаргонь» і інш.

Усяго членамі гуртка было падрыхтавана 12 падобных прэзентацый, якія дазволілі членам гуртка, па-першае, навучыцца іх рыхтаваць, па-другое, выступаць і абараняць іх перад сваімі калегамі, па-трэцяе, лепш спазнаць свой родны кут, як пісаў Якуб Колас, гісторыю сваёй малой Айчыны.

Важна і тое, што ў членаў гуртка фарміруецца актыўная жыццёвая пазіцыя. Мы сталі ўдзельнічаць і ў розных акадэмічных мерапрыемствах, хоць ажыццяўляць гэта на першым курсе складана: адбываецца працэс адаптацыі да патрабаванняў вышэйшай школы і свабоднага ад бацькоў жыцця.

Не выпадкова дванаццаць членаў нашага гуртка прынялі актыўны ўдзел у працы акадэмічнай навуковай студэнцкай канферэнцыі «Садружнасць Незалежных Дзяржаў: гісторыя, праблемы, перспектывы». Гэта Марына Пабігай, Вераніка Амельчанка, Кацярына Пунцік з ДКЭ-4, Арцём Каваленка, Марыя Тарлюк з ДКЭ-1, Рыта Бабкевіч, Вольга Дакімук з ДКЭ-2 і інш.

Удзел у працы гуртка пасадзейнічаў і паспяховай здачы экзаменаў у зімнюю экзаменацыйную сесію. Усе гурткоўцы паспяхова справіліся з першым іспытам вышэйшай школы, асабліва па гісторыі Беларусі. Па гэтай дысціпліне ўсе атрымалі толькі выдатныя і добрыя адзнакі.

Значыць, удзел у працы гуртка «Мая Радзіма – Беларусь!» садзейнічае як патрыятычнаму выхаванню, лепшаму асэнсаванню гісторыі нашай Айчыны, так і павышэнню прафесіянальных ведаў, дае навыкі даследчай працы і арганізацыйнай дзейнасці, фарміруе высокія грамадзянскія якасці.

Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь! Я гэтым ганаруся і прыкладу ўсе свае намаганні, каб мая Радзіма стала яшчэ мацней і квітнеючай.

Намеснік старасты гуртка
«Мая Радзіма – Беларусь!»,
студэнтка першага курса
ДКЭ-2, Бабкевіч Рыта.

© 2010-2016 Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Маскоўская 17, 220007, Мінск, Рэспубліка Беларусь

e-mail: post@pac.by

Тэлефон: (+375 17) 229-51-11
Факс: (+375 17) 222-82-64